Уладзімір Кухараў: «Мінск – гэта тое, што нас аб'ядноўвае»

06.09.2023

Пра наш горад можна расказваць бясконца. Гэта горад вялікіх магчымасцяў – утульны, камфортны, сучасны, з 956-гадовай гісторыяй і такі малады.

Напярэдадні Дня нараджэння сталіцы старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў сустрэўся з журналістамі, якія асвятляюць гарадскую тэматыку. Абмяркоўвалі розныя аспекты – канцэпцыю візуальнага стылю Мінска, удзел моладзі ў развіцці горада, транспарт і камунальную сферу, прамысловасць і бізнес, інвестыцыйныя праекты. Шмат гаварылі пра будаўніцтва…

 

Высокім тэхналогіях-сучасныя пляцоўкі

У першую чаргу горад рэалізуе высокатэхналагічныя праекты. Для гэтага ёсць навуковая база – ад робататэхнікі да біятэхналогій, тэхнічны і кадравы патэнцыял. У цяперашні час на тэрыторыі велазавода па пр.Партызанскім будуюцца аб'екты Мінскага тэхнапарка. Тут будуць адкрыты высокатэхналагічныя вытворчасці, прыменены інавацыйныя тэхналогіі, якія дазволяць вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю.

У будучыні вытворчыя кластары з'явяцца яшчэ на дзвюх пляцоўках – на вул.Цэнтральнай (праектныя работы ўжо вядуцца) і на тэрыторыі завода аўтаматычных ліній. У новыя тэхнапаркі горад мае намер прыцягнуць перспектыўных інвестараў.

 

Тры станцыі метро і дэпо

Напрыканцы 2024-га плануецца ўвод трох станцый метро і дэпо «Слуцкае». Зараз работы разгарнуліся на другім участку ў раёне плошчы Бангалор: вядзецца перакладка сетак і падрыхтоўка тэрыторыі да пуску ТПМК «Алеся» ў бок вул.Мельнікайтэ.

Дарэчы, метрабудаўнікі сёлета ўпершыню прадэманстравалі тэхналогію ўзвядзення падземнага пераходу без  спынення руху транспарту па пр. Незалежнасці ў раёне “Магніта Мінска”. Іх вопыт будзе ўзяты на ўзбраенне і ў далейшым шырока выкарыстоўвацца.

 

Кожнаму тавару -  свой пакупнік

На вуліцы К. Тураўскага Будтрэст № 4 узводзіць маштабны і ўнікальны грамадска-гандлёвы цэнтр, дзе сваю прадукцыю і дасягненні прадставяць усе рэгіёны Беларусі і горад Мінск. Тут будуць не толькі гандлёвыя кропкі, але і кафэ, рэстараны, забаўляльныя і дзіцячыя  цэнтры. Зараз ідзе распрацоўка дызайну пляцовак. У пачатку наступнага года новы грамадска-гандлёвы цэнтр павінен адкрыцца.

 

Артэзіянская вада – напрыканцы 2024 года

Сёння Мінск спажывае ў суткі 450-470 тыс. кубаметраў вады, і сілкуюць яго 17 водазабораў. Каб цалкам забяспечыць мінчан артэзіянскай вадой, не хапае яшчэ 120-130 тыс.кубаметраў. Па даручэнні Прэзідэнта распрацаваны маштабны праект па забеспячэнні сталіцы артэзіянскай вадой з трох водазабораў: “Феліцыянава”, “Віцкаўшчына” і “Астравы”, якія знаходзяцца на адлегласці ад сталіцы. На гэтых станцыях вядзецца бурэнне яшчэ 90 свідравін, а для транспарціроўкі вады – перакладка дадаткова каля 100 км вадаводаў. Да канца гэтага года сеткі вадаводаў будуць перакладзеныя. Паралельна ў раёне філіяла БДУ вядзецца будаўніцтва станцыі другога ўздыму вады. Да ліпеня наступнага года будаўнічыя работы неабходна завяршыць і прыступіць да наладкі абсталявання, каб да канца года запусціць сістэму забеспячэння Маскоўскага, Фрунзенскага і часткі Кастрычніцкага раёнаў сталіцы артэзіянскай вадой.

 

Дарогам і мастамналежны стан

З пачатку года ў сталіцы асфальтавае пакрыццё дарог заменена на плошчы ў 1 млн кв.м, яшчэ столькі ж дарожнага палатна ўмацавана па спецыяльнай тэхналогіі з мэтай падаўжэння тэрміну яго службы ў сярэднім на 5-7 гадоў.

Горад актыўна супрацоўнічае з навукай: БНТУ распрацоўвае новыя дадаткі для асфальтабетонных сумесяў, беларускія навукоўцы з Акадэміі навук выконваюць даследаванні па мінімізацыі ўплыву рэагентаў на дарожнае пакрыццё.

Усе масты і пуцеправоды ў сталіцы з сур'ёзным зносам паступова прыводзяцца ў належны стан. Але адначасова капітальна рамантуюцца не больш за два, каб не ствараць транспартных праблем. Цяпер гэта пуцеправоды на вул. Чкалава і вул. Радыяльнай.

 

Кінатэатр "Перамога": Сімбіёз гісторыі і сучаснасці

Кінатэатр “Перамога” – гэта безумоўны брэнд Мінска. Ужо можна сказаць, што за лёс будынка не варта хвалявацца: зроблена ўсё неабходнае для захавання яго гістарычнага аблічча, унутры ж будзе ўсё самае сучаснае. Павялічыцца колькасць залаў і месцаў. Увод аб'екта намечаны на першую палову наступнага года.

 

Газпром Цэнтр: будаўніцтва аднаўляецца

У цяперашні час атрыманы ўсе дазволы на вытворчасць работ, ідзе раскансервацыя аб'екта. У канцы верасня будаўнікі плануюць прыступіць да бетонных работ. Фінансаваннем аб'ект забяспечаны, на працягу  года з паловай самы вышынны будынак комплексу павінны быць пабудаваны.

 

Аб'екты міжнароднага класа

Нацыянальны стадыён на вул.Ванеева і басейн на вул.Кальварыйскай актыўна будуюцца. Бетонныя работы завершаны, металаканструкцыі зманціраваны, каркас і басейна, і стадыёна гатовы. Стаіць задача да зімы закрыць контуры будынкаў, каб выконваць аддзелку.

Гэта вельмі значныя для горада аб'екты, дзе будуць праводзіцца не толькі трэніроўкі спартсменаў, але і міжнародныя спаборніцтвы. У басейне на Кальварыйскай, напрыклад, запраектавана пяць чашаў для плавання.

... Да канца верасня рэканструкцыя трэніровачнага цэнтра “Кольцы славы” на вул.Ванеева будзе завершана, і будаўнікі будтрэста № 35 пачнуць рэканструяваць стадыён “Трактар”. Дарэчы, стадыён будзе абвешчаны маладзёжнай студэнцкай будоўляй.

 

Адпачываем з задавальненнем

Да Дня горада мінчане атрымаюць у падарунак дзевяць новых зон адпачынку ў кожным раёне сталіцы. Пры іх уладкаванні не ставілася задача ўсё закатаць у асфальт, хутчэй наадварот: максімальна захаваць існуючыя прыродныя ландшафты, добраўпарадкаваўшы іх і творча дапоўніўшы.

У наступным годзе плануецца завяршэнне рэканструкцыі Сляпянскай воднай сістэмы – гэта 23 км воднай акваторыі ад Зялёнага Луга да Чыжоўскага вадасховішча з каскадамі і паркамі.

Працягнецца паэтапнае фарміраванне парку ім. Уга Чавеса ў Каменнай Горцы.

 

Пляцоўка з перспектывай

Стратэгічным рэзервам Мінска мэр назваў праект “Зялёны Бор”, праектаванне якога вядзецца на тэрыторыі былога ваеннага палігона недалёка ад Калодзішчаў. Плануецца, што тут будзе ўзведзена на працягу 12-15 гадоў каля 4 млн "квадратаў" жылля для маючых патрэбу катэгорый грамадзян з неабходнай інфраструктурай: школамі, паліклінікамі, дзіцячымі садамі, аб'ектамі гандлю.

Пракладка сетак плануецца ўжо ў наступным годзе, у 2025-м  на пляцоўку зойдуць домабудаўнікі. Абяцаюць, што «Мінскбуд» не застанецца без працы.