Выбары дэпутатаў прайшлі на высокім узроўні

27.02.2024

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка агучыў на прэс-канферэнцыі папярэднія вынікі выбараў.

Усе 1 284 мясцовыя Саветы дэпутатаў сфарміраваны ў правамоцным складзе. З іх 6 абласных і Мінскі гарадскі Саветы, 118 раённых, 10 гарадскіх гарадоў абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх гарадоў раённага падпарадкавання, 8 пасялковых, 1 127 сельскіх.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу таксама сфарміравана. Сярод 110 абраных дэпутатаў 20 чалавек (18,2%) з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання, 37 (33,6%) – жанчыны. Моладзь ва ўзросце да 31 года – 1 чалавек. 70 дэпутатаў – члены палітычных партый, 40 – беспартыйныя.

1 сакавіка Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць прызначэнне выбараў дэлегатаў Усебеларускага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці.

Ігар Карпенка адзначыў высокую актыўнасць і ўдзел у выбарчай кампаніі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян пры фарміраванні выбарчых камісій, накіраванні назіральнікаў, вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў.

З агульнай колькасці ўпершыню галасуючых грамадзян, уключаных у спісы для галасавання, у выбарах дэпутатаў прынялі ўдзел амаль 77% моладзі. У цэлым жа, па ўдакладненых папярэдніх дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, яўка выбаршчыкаў у адзіны дзень галасавання склала 73,09% . Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі падзякавала ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Інфармацыя падрыхтавана па выніках прэс-канферэнцыі старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі.