Сацыяльныя аб'екты: перспектыва ёсць

11.11.2023

Аб увядзенні ў гэтым годзе ў эксплуатацыю аб'ектаў сацыяльнага прызначэння і перспектывах будаўніцтва распавялі на прэс-канферэнцыі ў БелТА.

Як паведаміла намеснік кіраўніка Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Батракова, штогод на праектаванне і будаўніцтва аб'ектаў адукацыі горадам накіроўваецца каля 90 млн рублёў. У бягучым годзе ўжо ўведзены ў строй чатыры дзіцячыя садкі ў чатырох раёнах, будуюцца дзве школы (у кварталах «Лебядзіны» і «Мінск Мір») і тры дзіцячыя садкі у Фрунзенскім, Першамайскім і Партызанскім раёнах.

На ўмацаванне матэрыяльна – тэхнічнай базы сталічных аб'ектаў аховы здароўя ў 2023 годзе было выдзелена з бюджэту 294,7 млн рублёў, у тым ліку 34,3 млн – на капітальны рамонт устаноў аховы здароўя. У параўнанні з мінулым годам інвеставанне павялічана ў некалькі разоў.

За 10 месяцаў бягучага года ўведзены ў строй 14-я дзіцячая паліклініка ў Сухарава, прыёмнае аддзяленне з аперацыйным блокам пятай бальніцы Мінска і амбулаторыя ў пасёлку Сокал. Паводле інфармацыі начальніка аддзела будаўніцтва камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Паўла Голіка, да канца бягучага года плануецца здаць у эксплуатацыю дзевяціпавярховы хірургічны корпус 11-й бальніцы, блок касцявога мозгу і ствалавых клетак на вул.Сямашкі і інтэрнат кватэрнага тыпу для медыкаў на вул. Каржанеўскага. У першым квартале наступнага года рыхтуецца да ўводу прыбудова да ўралагічнага корпуса на тэрыторыі 4-й бальніцы.

Як распавёў Павел Голік, цяпер у стадыі будаўніцтва знаходзяцца 10 аб'ектаў аховы здароўя, яшчэ 8 – праектуюцца. Пачата будаўніцтва дзіцячай і дарослай паліклінікі ў “Мінск Міры”, дзіцячай паліклінікі ў Лошыцы, дарослай – у мікрараёне Усходні, у стане рэканструкцыі знаходзіцца другая раённая паліклініка ў Фрунзенскім раёне, да рэалізацыі аб'екта медыцынскага прызначэння будаўнікі прыступілі на вул.Маякоўскага.

Распланавана і бліжэйшая перспектыва. Праходзіць экспертызу ПСД па рэканструкцыі 13-й гарадской паліклінікі і інфекцыйнай бальніцы, якую плануецца пабудаваць з канструкцый ЛСТК у Навінках. Яшчэ некалькі аб'ектаў аховы здароўя праектуюцца, сярод якіх новы будынак для наркалагічнай службы сталіцы на вул.Карвата. Перадпраектная дакументацыя распрацоўваецца для будаўніцтва новай паліклінікі на тэрыторыі Мінскага анкалагічнага цэнтра і новага інтэрната для медыцынскіх работнікаў на Даўгінаўскім тракце.

Так што, праца ў будаўнікоў будзе.