Зборная каманда Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў на чале са старшынёй Генадзем Ляпуновым прыняла ўдзел у IX Рэспубліканскім турыстычным злёце на прызы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Тры дні на спортпляцоўках турбазы “Высокі бераг” праходзілі баталіі ў перацягванні каната, спартыўным арыентаванні, пераадоленні вяровачнага парку, маўцінбайку, тэхніцы веласіпеднага і воднага турызму, турыстычнай эстафеце. Гонар будаўнічых арганізацый наша зборная каманда адстойвала таксама ў творчых конкурсах: візітнай картцы, турыстычным эстрадным нумары, прыгатаванні ежы.
Будаўнікі прыклалі максімум спартыўнага майстэрства і ўпартасці, каб папоўніць добрымі вынікамі агульную скарбонку. У перацягванні каната каманда галіновага прафсаюза была ў тройцы лідараў, заняўшы ганаровае трэцяе месца з пятнаццаці каманд. У спаборніцтвах па маунцінбайку, тэхніцы веласіпеднага і воднага турызму мы ўвайшлі ў пяцёрку наймацнейшых, а ў турыстычнай эстафеце былі чацвёртымі.
У будаўнічых арганізацыях працуюць не толькі моцныя, але і творчыя людзі. Так, у конкурсе «візітоўкі» прадстаўнікі ААТ “МАПІД” занялі першае месца. А майстар фармовачнага цэха ААТ “Гроднажылбуд” Павел Целеш уразіў сэрцы журы і гледачоў турыстычным эстрадным нумарам, за што быў узнагароджаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі грашовым сертыфікатам.
Лідар галіновага прафсаюза Генадзь Ляпуноў павіншаваў каманду будаўнікоў з перамогамі і пажадаў далейшых спартыўных поспехаў і новых рэзультатыўных стартаў. Так трымаць!
Інфармацыя прадастаўлена Беларускім прафсаюзам работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў