"Мінскі майстар-2023" - Мікалай Барташэвіч

04.07.2023

На будаўнічым аб'екце – жылым доме № 2 у Лошыцы,7 – прайшоў гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар-2023» сярод тынкоўшчыкаў. Яго арганізатары – ДВА «Мінскбуд»  і гаркам прафсаюза будаўнікоў.

У спаборніцтве прынялі ўдзел тынкоўшчыкі 1, 4, 35 трэстаў і МАПІДа. Удзельнікі працавалі ў пары. Кожнаму дуэту жараб'ёўкай былі вызначаны ўчасткі работ (захваткі): за два дні неабходна было абтынкаваць сцены  памяшканняў першага паверха жылога дома. Аб'ект для правядзення конкурсу прадастаўлены ААТ “Будтрэст № 35".

Падчас конкурсу не дазвалялася карыстацца дапамогай іншых асоб, а выкананае заданне павінна было адпавядаць патрабаванням будаўнічых нормаў і правілаў і зроблена якасна.

Журы конкурсу ацэньвала выпрацоўку ў натуральных паказчыках, якасць выкананых работ, тэхналагічную паслядоўнасць, выкананне норм і правілаў па ахове працы і тэхніцы бяспекі, культуру вытворчасці і працоўную дысцыпліну.

Спаборніцтвы праходзілі ў напружанай барацьбе. Журы было няпроста выбраць лепшых сярод прафесіяналаў, якія ўпэўнена ішлі да сваёй мэты.

Такім чынам, пераможцамі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар-2023» сярод тынкоўшчыкаў «Мінскбуда» сталі Мікалай Барташэвіч і Аляксей Рыбіцкі з УСР ААТ «Будтрэст № 1». Яны набралі 281 бал, апярэдзіўшы калег з СУ-13 ААТ «Будтрэст № 4» Вольгу Швабоўскую і Алену Давыдзенку на 22 балы. На трэцім месцы тынкоўшчыкі СУ-201 ААТ «Будтрэст № 35» Валерый Сацкевіч і Марына Ліпніцкая.

Звяно-пераможца з УСР паказала і самую вялікую выпрацоўку – 40,5 кв. м атынкаванай плошчы на чалавека ў дзень (пры норме 12 «квадратаў»). Гэта рэкорд сярод удзельнікаў конкурсу.

Вызначаны таксама тынкоўшчык, які будзе прадстаўляць гэту прафесію  на цырымоніі ўшанавання “Мінскіх майстроў-2023” ў верасні ў Дзень горада. Гэта Мікалай Барташэвіч з УСР. У будтрэсце № 1 Мікалай працуе 13 гадоў. У гарадскім конкурсе прафмайстэрства ўдзельнічаў упершыню. Прызнаецца, што на перамогу не разлічваў, але імкнуўся выступіць добра і не падвесці свайго напарніка і калектыў УСР.

"Мінскі гаркам прафсаюза будаўнікоў штогод праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства па рабочых прафесіях. Гэта знаходзіцца на сістэмным узроўні, – адзначыў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза будаўнікоў Дзмітрый Прасвіракоў. - Конкурс тынкоўшчыкаў арганізавалі сумесна з ДВА «Мінскбуд». Нядаўна прайшоў конкурс машыністаў вежавых кранаў, наступны адкрываем па прафесіі абліцоўшчык-плітачнік на базе Салігорскага домабудаўнічага камбіната. Падобнымі мерапрыемствамі стараемся падымаць прэстыж рабочых прафесій, хочам, каб усе бачылі прафесіяналізм сваіх калег, шанавалі настаўніцтва і імкнуліся самі расці. І кожны раз пераконваемся, што беларускія будаўнікі –прафесіяналы сваёй справы і людзі, якія любяць сваю прафесію".