Мінск-Екацярынбург: дзелавыя сувязі наладжваюцца

12.10.2023

Кіраўнікі ААТ “Мінскдрэў” і ААТ “Камплект” Максім Гвоздзь і Сяргей Кісель у складзе беларускай дэлегацыі наведалі Міжнародны будаўнічы форум і выставу 100+TechnoBuild у Екацярынбургу. На гэтых пляцоўках яны прадстаўлялі магчымасці аб'яднання “Мінскбуд”.

Правялі некалькі дзелавых сустрэч з прадстаўнікамі мэрыі Екацярынбурга, дэпутацкага корпуса, Мінбуда Свярдлоўскай вобласці, прынялі ўдзел у тэматычных круглых сталах.

На сесіі «Беларусь – Расія: супрацоўніцтва ў галіне грамадзянскага будаўніцтва, паставак абсталявання і будаўнічых матэрыялаў» бакі абмеркавалі магчымасці і прапановы будаўнікоў з Мінска, іх гатоўнасць і ўмовы ўзаемадзеяння з расійскімі калегамі на будаўнічым рынку гэтага Уральскага рэгіёна.

Свярдлоўская вобласць зацікаўлена ў прыцягненні будкомплексу Беларусі на свой будаўнічы рынак. А прадпрыемствам, якія ўваходзяць у склад ДВА «Мінскбуд», ёсць што прапанаваць. Напрыклад, “Мінскдрэў” гатовы пастаўляць у Екацярынбург свае экалагічныя (таму што з дрэва) аконныя блокі і вітражныя сістэмы розных памераў і канфігурацый. Яны могуць знайсці прымяненне пры рэстаўрацыі старадаўніх цэркваў і храмаў, якіх у гэтым расійскім рэгіёне вельмі шмат. У прадастаўленні будаўнічых паслуг зацікаўлены нашы будтрэсты, праектных – ААТ «Мінскметрапраект». У Екацярынбургу метро развіваецца, пабудаваны і дзейнічаюць дзевяць станцый, у планах – будаўніцтва яшчэ двух ліній.  ААТ “Камплект” пазіцыянавала сябе ў якасці перспектыўнага Дома гандлю  для ўзаемнага гандлю будаўнічай прадукцыяй на рынках абедзвюх краін.

Тавараабарот паміж нашай краінай і Свярдлоўскай вобласцю штогод расце. Беларускі цэмент, керамічная плітка, металаканструкцыі, тавары з  гіпсу ўжо знайшлі свайго пакупніка ў Екацярынбургу і рэгіёне.

100 + TechnoBuild – найбуйнейшы рэгіянальны інжынерна-будаўнічы кангрэс у Расіі. У гэтым годзе выстава пад назвай «Будаўніцтва чалавечнасці» праводзілася ў дзясяты раз і была прысвечана праектаванню, будаўніцтву і эксплуатацыі збудаванняў, а таксама стварэнню камфортнага асяроддзя гарадоў. У форуме прынялі ўдзел больш за 30 тыс.чалавек і каля 900 спікераў.