«Мінчанін года-2023»

13.09.2023

Гэтага ганаровага звання ўдастоены брыгадзір абліцоўшчыкаў-плітачнікаў СУ-67 ААТ “Будтрэст № 1” Мікалай Ясны. Такая высокая ўзнагарода яму ўручана старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым напярэдадні Дня горада Мінска за шматгадовую працу і асабісты ўклад у будаўніцтва гарадскіх аб'ектаў.

Прафесіянал у галіне абліцоўвання, брыгадзір і настаўнік моладзі. 30 гадоў працуе Мікалай Уладзіміравіч у ўпраўленні № 67 першага трэста. 23 гады ўзначальвае брыгаду. Брыгадзірам стаў пасля ўводу ў эксплуатацыю Палаца Рэспублікі, дзе яго рукамі выкладзены не адзін квадратны метр пліткі. А колькі такіх аб'ектаў у нашым горадзе?!

Зараз брыгада Мікалая Яснага працуе на будаўніцтве дзіцячага садка ў Брылевічах. Працуюць са знакам якасці, ганарацца сваім брыгадзірам, раўняюцца на яго і цэняць за лепшыя чалавечыя якасці.