Маладосць – не проста ўзрост…

12.12.2023

Гэта асаблівы стан душы, час пошукаў, адкрыццяў, веры ў сябе і рэалізацыі самых смелых і амбіцыйных задач. Гэта лепшы час магчымасцяў.

Канстанціну Сталярову - 28 гадоў. Ён электраманцёр ЭМУ УП “Мінскметрабуд”. На прадпрыемстве працуе з 2019 года. Кваліфікаваны спецыяліст і спартсмен. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, лідэрскімі якасцямі.

Сярод іншых маладых актывістаў Партызанскага раёна яго фотаздымак занесены на раённую маладзёжную Дошку гонару. Пасведчанне аб гэтай падзеі Канстанціну ўручылі сёння ў адміністрацыі раёна.

Канстанцін прызнаецца, што гэта стала для яго прыемнай нечаканасцю.

Спецыяльнасць электраманцёра малады чалавек атрымаў у Гомельскім прафтэхвучылішчы № 79 хімікаў, працаваў на заводзе ім.Вавілава. Ужо тут, у Мінску, завочна скончыў факультэт электрыфікацыі БДАТУ, атрымаўшы дыплом інжынера-энергетыка.

У “МІНСКМЕТРАБУДЗЕ” Канстанцін пачынаў працоўны шлях на будаўніцтве станцыі “Юбілейная”, цяпер ажыццяўляе электрамантажныя работы на станцыі “Слуцкі гасцінец”. У калектыве яго цэняць як высокакваліфікаванага спецыяліста, давяраюць складаныя ўчасткі работ.

Малады чалавек актыўны ў грамадскім, культурным і спартыўным жыцці ЭМУ і Метрабуда, не прапускае ніводных спаборніцтваў і конкурсаў. Бо маладосць – гэта сапраўды час магчымасцяў, і ён імкнецца яго выкарыстоўваць па максімуму.