Штогод па ініцыятыве Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам у трэці чацвер лістапада праводзіцца Дзень некурэння. У Беларусі да гэтага дня прымеркавана Рэспубліканская антытытунёвая інфармацыйна-адукацыйная акцыя, якая праходзіць сёлета з 13 па 19 лістапада.
Агульнавядома, што тытунёвы дым выклікае і абвастрае многія хваробы, у тым ліку анкалагічныя. Курэнне правакуе развіццё 18 формаў рака ў чалавека: рак лёгкага, гартані і рота, мачавой сістэмы, ныркі, страўніка, малочнай залозы і іншых. Устаноўлена, што ў тых, хто курыць, скарачаецца працягласць жыцця, узрастае рызыка рэцыдыву рака або ўзнікнення другой пухліны, зніжаецца эфектыўнасць лячэння. Памятайце, што не існуе бяспечнай цыгарэты.
Адна трэць курцоў у Беларусі хоча кінуць курыць. А каля 90% дарослых, што кураць, робяць спробы пакончыць з гэтай згубнай звычкай самастойна. На жаль, большасць з іх заканчваецца няўдала. Прыблізна 70% залежных зноў пачынаюць курыць, як правіла, у бліжэйшыя тры месяцы.
Існуе два асноўныя спосабы адмовы ад курэння: аднамомантавы (раз і назаўжды) і паступовы (паэтапны). Другі спосаб часцей рэкамендуюць курцам са стажам або людзям старэй 50.
Пры паступовай адмове выкарыстоўвайце сістэму самаабмежаванняў:
* не паліце, не паабедаўшы;
* замяніце курэнне фізічнымі практыкаваннямі;
* пры ўзнікненні жадання закурыць паспрабуйце адцягнуць увагу на нешта іншае;
* замяніце цыгарэту шклянкай соку, жавальнай гумкай;
* штодня скарачайце колькасць выкураных цыгарэт;
* не насіце з сабой запалкі;
* перастаньце глыбока зацягвацца;
* выкурвайце цыгарэту толькі да паловы;
* перастаньце курыць на працы, на вуліцы;
* калі ў вас скончыліся цыгарэты, ні ў каго не прасіце.
Першыя дні без цыгарэт будуць самымі цяжкімі. Для вызвалення арганізма ад нікаціну піце больш вадкасці, лепш з лімонам (але памятайце: моцны чай і кава абвастраюць цягу да цыгарэты), уключыце ў рацыён больш свежай гародніны і кісламалочных прадуктаў, кожны дзень з'ядайце па лыжцы мёду – ён дапамагае печані ачысціць арганізм ад шкодных рэчываў, займайцеся фізкультурай, актыўнічайце.
Лягчэй кінуць курыць на адпачынку. Але аднойчы адмовіўшыся, ніколі не дакранайцеся да цыгарэты. Нават адна зацяжка перакрэсліць усе намаганні.
Змагацца з жаданнем закурыць дапаможа чаромха: галінку без лісця падсушыце, парэжце на кавалачкі да 1,5 см, складзіце ў пачак і насіце ў кішэні. Захочаце закурыць – пакладзіце палачку ў рот і пажуйце да «мачала»: жаданне знікне.
Пасля трох няўдалых самастойных спробаў кінуць курыць звярніцеся да спецыялістаў – псіхолага-нарколага або псіхатэрапеўта.