У ДВА «Мінскбуд» прайшоў семінар-прэзентацыя новага прадпрыемства «ЕўраБудСтандарт» па вытворчасці лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый (ЛСТК). Размясцілася яно на тэрыторыі Мінскага тэхнапарка па пр.Партызанскім,8 і будзе выпускаць вырабы з ацынкаванага металапрофілю для будаўніцтва будынкаў да пяці паверхаў па тэхналогіі ЛСТК.
Гэтая тэхналогія хуткаўзведзеных будынкаў і збудаванняў шырока ўжываецца ў свеце, развіта і ў Расіі. З ЛСТК будуюць нават у сейсманебяспечных раёнах, на Крайняй Поўначы. У ЗША доля пабудаванага з ужываннем гэтай тэхналогіі жылля ў залежнасці ад рэгіёну даходзіць да 51 працэнта.
"ЕўраБудСтандарт" мае намер стаць яе правадніком у Беларусі.
Мэты амбіцыйныя – праектаваць і будаваць з лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый дзіцячыя сады, бальніцы, спартыўныя аб'екты, гандлёвыя комплексы, вытворчыя будынкі.
А ў перспектыве – і гэта самае прывабнае для грамадзян – выпуск домакамплектаў катэджаў. Чалавек сам па чарцяжах (будуць у камплекце) зможа сабраць сабе дом з ЛСТК!
У малоэтажном будаўніцтве прымяненне гэтай тэхналогіі дазваляе выкарыстоўваць сталёвыя профілі як у апорных, так і агароджваючых канструкцыях. Звонку каркас будынка ў залежнасці ад праекта аздабляецца любымі будаўнічымі матэрыяламі – фасадная тынкоўка, вентфасад, сайдынг, металапрофіль і іншыя. Пры гэтым усе элементы будынка (сцены, перакрыцці, дах, лесвіцы) выкарыстоўваюцца ў якасці накіроўваючых для мацавання аздобных матэрыялаў, што выключае прымяненне дадатковых падвясных сістэм пры правядзенні аздобных работ і мінімізуе выдаткі на будматэрыялы.
“На прадпрыемстве плануецца выпуск гатовых апорных будаўнічых канструкцый (сценавыя панэлі, панэлі міжэтажных перакрыццяў, дахава-фермавы каркас) з прымяненнем аўтаматызаваных сістэм праектавання, якія дазваляюць ствараць рабочую дакументацыю для выпуску розных профіляў ЛСТК з мэтай будаўніцтва аб'ектаў па сучасных тэхналогіях і сусветных стандартах якасці. У далейшым магчымасці дазволяць развіваць тэхналогіі модульнага будаўніцтва – збіраць модулі ва ўмовах вытворчасці”, – распавёў дырэктар ТАА “ЕўраБудСтандарт” Павел Шчурко.
Удзельнікі семінара пабывалі на вытворчай пляцоўцы “ЕўраБудСтандарту”.
Прадстаўнікоў праектных інстытутаў і арганізацый, якія ўваходзяць у склад “Мінскбуда”, азнаёмілі з відамі і аб'ёмамі прадукцыі, тэхнічнымі характарыстыкамі абсталявання (вытворчасць укамплектавана чатырма высокапрадукцыйнымі аўтаматычнымі лініямі), распавялі пра перавагі дадзенай тэхналогіі.
Чаму абрана тэхналогія ЛСТК? Гэта:
* хуткасць будаўніцтва (на 30-50% хутчэй у параўнанні з узвядзеннем аб'ектаў з цэглы і бетону, адна брыгада за тыдзень праводзіць мантаж каля 200 кв. м металакаркасу будынка);
* высокая завадская гатоўнасць (на будоўлі каркас збіраецца як канструктар);
* адсутнасць зварачных работ і цяжкай тэхнікі на аб'екце;
* нізкі сабекошт;
* няма “мокрых” працэсаў, значыць, усесязоннасть будаўніцтва;
* эканомія людскіх рэсурсаў;
* высокая якасць і эксплуатацыйныя характарыстыкі (будынак не дае ўсаджвання, няма межпанэльных швоў і неабходнасці выраўноўваць сцены, добрая акустыка, вогнеўстойлівасць).
Першым аб'ектам, на які паставіць свае канструкцыі “ЕўраБудСтандарт”, стане суседні корпус № 6 на пр.Партызанскім, 8.
"Прадпрыемства “ЕўраБудСтандарт” створана на працягу года: закуплена і зманціравана абсталяванне, атрыманы сертыфікаты адпаведнасці на выпускаемую прадукцыю, завяршаецца сертыфікацыя самой вытворчасці. Яго гадавая магутнасць – 1125 тон металавырабаў. Тэхналогія з ЛСТК для нас пакуль яшчэ новая і незапатрабаваная. Але гэта пакуль", – рэзюмаваў першы намеснік генеральнага дырэктара-галоўны інжынер ДВА “Мінскбуд” Канстанцін Белавец.
Наш карэспандэнт