Хто навучаны, той узброены

21.09.2023

Сёння, 21 верасня, у Беларусі праходзіць адзіны дзень бяспекі, задачамі якога з'яўляюцца прафілактыка надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, а таксама аказанне першай медыцынскай дапамогі.

Мінскбудаўцы актыўна падключыліся да гэтай акцыі, правёўшы практычныя заняткі па адпрацоўцы алгарытму дзеянняў супрацоўнікаў, пажарнай дружыны і санітарнага звяна пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый – пажару ў будынку і ўзгарання аўтамабіля, а таксама аказання першай медыцынскай дапамогі ўмоўным пацярпелым на пажары.

У 8.45 прагучаў сігнал-апавяшчэнне аб пажары, і супрацоўнікі арганізавана пакінулі будынак. Эвакуацыю правялі зладжана і без панікі, прытрымліваючыся інструкцыі МНС, пра што начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў далажылі генеральнаму дырэктару аб'яднання А.А. Церахаву. Члены пажарнай дружыны "Мінскбуда" абследавалі офісны будынак і пераканаліся, што людзей у ім няма.

Крыху пазней паступіла ўступная: на пляцоўцы перад будынкам ДВА «Мінскбуд» адбылося ўзгаранне службовага аўтамабіля. Тут дакладна і аператыўна спрацавала пажарная дружына пад кіраўніцтвам П.І. Талерчыка: службовыя аўтамабілі былі адагнаныя на бяспечную адлегласць, месца надзвычайнага здарэння ачэплена, па тэлефоне 112 выклікана служба МНС, члены пажарнай дружыны, перашкаджаючы распаўсюджванню агню, прымянілі для тушэння парашковыя вогнетушыцелі ОП-5.

Па ўступнай № 2, член пажарнай дружыны атрымаў умоўныя апёкі. Першую медыцынскую дапамогу яму аказалі члены санітарнага звяна, якое ўзначальвае М.І. Кушнярэвіч: вынеслі на насілках з ачага ўзгарання, увялі пацярпеламу супрацьболевы прэпарат, наклалі асептычную павязку, выклікалі хуткую дапамогу.

У ходзе трэніровачных заняткаў ўсе навучальныя мэты, як дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях пры ўзнікненні пажару, былі дасягнуты.

Аднак не лішнім будзе нагадаць мінскбудаўцам некаторыя рэкамендацыі МНС.

Калі вы пачулі гук пажарнай сігналізацыі ў гандлёвым цэнтры ці іншым грамадскім месцы:

* не панікуйце;

* пакіньце памяшканне па эвакуацыйных знаках;

* патэлефануйце па тэлефоне 112;

* выбірайце эвакуацыйныя выхады, якія знаходзяцца ў супрацьлеглым баку ад дыму, прыгнуўшыся да падлогі, прыкрыўшы органы дыхання;

* ні ў якім разе не падымайцеся на верхнія паверхі і не карыстайцеся ліфтам.

Калі пачаўся пажар на працоўным месцы:

* не панікуйце, патэлефануеце па тэлефоне 112;

* адключыце электрапрыборы;

* апавясціце аб пажары калегаў;

* па магчымасці скарыстайцеся вогнетушыцелем;

* пакіньце памяшканне.