Дата вызначана

19.03.2024

Стала вядома дата правядзення VII Усебеларускага народнага сходу. Першае яго пасяджэнне адбудзецца 24-25 красавіка. УНС упершыню пройдзе ў новым статусе, які замацаваны папраўкамі ў Канстытуцыю 2022 года.

«У першы дзень у асноўным будуць разглядацца пытанні арганізацыйна-выбарчыя, таму што гэта пасяджэнне асаблівае. Трэба будзе рэалізаваць шэраг працэдур, якія прама прадугледжаны законам: абраць рабочыя органы, падліковую камісію, старшыню УНС, намесніка старшыні, Прэзідыум УНС – гэта пастаянна дзеючы працоўны орган, прыняць часовы рэгламент працы Усебеларускага народнага сходу. У другі дзень будуць разглядацца пытанні, якія ўключаны ў парадак дня», – расказаў журналістам Прэм'ер-міністр, старшыня Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні першага пасяджэння VII УНС Раман Галоўчанка.

Падрыхтоўку да правядзення УНС абмеркавалі днямі ў Палацы Незалежнасці з удзелам Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта мерапрыемства павінна прайсці ўрачыста і змястоўна.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, ужо падрыхтаваны праект парадку дня першага пасяджэння УНС.

“Магчыма, праект парадку дня будзе яшчэ дапоўнены, – сказаў кіраўнік Урада. – Бо ў УНС дастаткова шырокія паўнамоцтвы: усталёўваць святочныя, памятныя дні, прымаць кадравыя рашэнні. Таму, магчыма, накшталт парадку дня будуць яшчэ нейкія змены".

Нагадаем, што вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты УНС пачалося 12 сакавіка і завершыцца 31 сакавіка, а з 1 па 10 красавіка пройдуць выбары. Паводле зацверджанай працэдуры, 350 дэлегатаў абіраюцца з ліку дэпутатаў мясцовага ўзроўню, яшчэ 400 – ад грамадзянскай супольнасці. Лімітавая колькасць дэлегатаў УНС складзе 1200 чалавек.

Уласн.інф.