"Будпрагрэс" запрашае!

26.09.2023

У Футбольным манежы праходзіць 30-я юбілейная будаўнічая выстава “Будпрагрэс-2023”. Больш за 80 кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Індыі, Пакістана прадстаўляюць навейшыя будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі, сучасную тэхніку і спецінструмент, інавацыйныя распрацоўкі і праекты.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця першы намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Алег Швец павіншаваў будаўнічую супольнасць з галоўным восеньскім форумам і пажадаў дзелавых сустрэч, наладжвання супрацоўніцтва з новымі партнёрамі, прафесійнага ўзаемадзеяння і заключэння выгадных кантрактаў.

"Сёння час вялікіх дасягненняў і вялікіх магчымасцяў. Мы адкрываем для сябе новыя рынкі, краіны і тэхналогіі, – сказаў Алег Швец. - Будаўнічая галіна справілася з выклікамі часу і пераадолела негатыўныя наступствы санкцыйнай палітыкі Захаду. За гэтыя гады мы не толькі не ўпалі ў аб'ёмах, але і выраслі. Экспарт тавараў у Расійскую Федэрацыю склаў больш за 124%. Яшчэ больш паказчык па экспарце паслуг. Мы развіваемся, забяспечваем унутраны рынак, кааперацыю, экспартныя пастаўкі, геаграфія якіх пастаянна пашыраецца. Рэалізуем прадукцыю і паслугі ў Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Кітай. Традыцыйнымі нашымі партнёрамі з'яўляюцца Калуга і Калужская вобласць – завяршаем тут рэалізацыю праектаў жыллёвага будаўніцтва, добрыя перспектывы ў Ленінградскай вобласці. Адкрылі для сябе сёлета Ніжні Ноўгарад: там цікавыя сацыяльныя праекты – будзем будаваць дзве школы. Зараз мае калегі знаходзяцца ў Краснадарскім краі. У гэтага рэгіёну таксама ёсць намеры развіваць з Рэспублікай Беларусь кааперацыю ў будаўнічай сферы, і нас ахвотна запрашаюць у інтэграцыйныя праекты».

... Карэспандэнты газеты “На будоўлях Мінска” прайшліся па экспазіцыйных пляцоўках выставы і заўважылі, што “Будпрагрэс” цікавы не толькі прафесіяналам, але і ўсім, хто будуе дом, дачу, робіць рамонт, займаецца добраўпарадкаваннем. Яны змогуць стварыць індывідуальны дызайн-праект ландшафтнага афармлення свайго ўчастка або атрымаць кансультацыю вопытных дызайнераў інтэр'еру.

Актуальная таксама дзелавая праграма форуму. На круглых сталах, семінарах і канферэнцыях абмяркоўваюць пытанні інтэграцыі беларускага і расійскага будаўнічых комплексаў; лічбавыя інавацыі ў будаўніцтве; новае ў заканадаўчым рэгуляванні будаўнічай дзейнасці; бяспеку і прафілактыку траўматызму; інструменты для аптымізацыі працы і павышэння эфектыўнасці кіравання; кадры і адукацыю.

Выстава працуе да 29 верасня ўключна.