У ААТ “Будтрэст № 4” прайшла сустрэча працоўнага калектыву з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Арцёмам ЦУРАНАМ.
У форме дыялогу абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Мінска, напаўнення бюджэту, рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы, а таксама электаральнай кампаніі 2024 года.
Адна з асноўных задач, якую вырашаюць сталічныя ўлады – гэта напаўненне бюджэту, што дазваляе гораду развівацца, рэалізоўваць аб'екты сацыяльнай інфраструктуры. А гэта загрузка будаўнічых арганізацый у тым ліку.
“Вельмі важна як працуе эканоміка, паступаюць падаткі і як мы фарміруем інвестыцыйную праграму – адзін з найважнейшых дакументаў па размеркаванні бюджэтных сродкаў, – падкрэсліў Арцём Цуран і працягнуў: – Па ўсіх асноўных напрамках рэальнага сектара эканомікі горада мы ўбачылі рост, убачылі шляхі, якія дазваляюць вытворчасці развівацца, шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі. Так склалася гістарычна, што Беларусь менавіта якаснай сваёй працай зарэкамендавала сябе як краіна тэхналагічная. У апошнія дзесяцігоддзі мы гэта толькі замацавалі і развіваем”.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама праінфармаваў аб функцыянаванні турыстычнай сферы і развіцці спорту ва ўмовах санкцыйнага ціску на Беларусь, будаўніцтве аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Мы не сталі менш будаваць і рэканструяваць аб'ектаў аховы здароўя – гэтай сферы па-ранейшаму надаецца павышаная ўвага, з-за дэмаграфічнай сітуацыі скарацілася будаўніцтва новых школ і дзіцячых садкоў. Горад сур'ёзна перагледзеў падыходы да аб'ектаў сацыяльнага абслугоўвання – гэта дыспансеры і цэнтры рэабілітацыі (там вядзецца рэканструкцыя карпусоў і будаўніцтва новых).
Развіваюцца спартыўныя аб'екты. За кошт бюджэту горада будуюцца два буйныя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы у Лошыцы і Каменнай Горцы. Гэта патрэбныя для мінчан аб’екты, на сустрэчах з кіраўнікамі горада людзі выказваюць пажаданні больш будаваць басейнаў.
Арцём Цуран пазначыў праекты на бліжэйшую перспектыву, такія як метро, рэканструкцыя гарадской ачышчальнай станцыі, будаўніцтва водазабораў па забеспячэнні часткі раёнаў Мінска вадой з артэзіянскіх свідравін і інш.
Гаворачы аб адзіным дні інфармавання, ён нагадаў аб маючай адбыцца ў лютым электаральнай кампаніі па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.
“Тыя падыходы, якія сфарміраваны ў нашай краіне, дазваляюць нашым грамадзянам жыць у спакоі і стабільнасці, – падкрэсліў намеснік старшыні Мінгарвыканкама. - І мы распачалі ўсе неабходныя меры для таго, каб любы грамадзянін меў магчымасць быць абраным у гэтую ўладу. Перадвыбарчы марафон ужо пачаўся – ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты”.
Арцём Цуран адказаў на пытанні, якія паступілі з залы, і нагадаў, што калі ў калектыва ёсць звароты прынцыповыя, нават крытычныя пра жыццё сталіцы, прадстаўнікі гарадской улады гатовыя іх выслухаць, знайсці шляхі вырашэння і растлумачыць людзям. Яны адкрытыя для дыялогу.