Аб будаўніцтве жылля, перспектыўных пляцоўках, загрузцы прадпрыемства

14.07.2023

У ААТ «МАПІД» прайшла сустрэча старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з працоўным калектывам прадпрыемства. На ёй прысутнічалі таксама намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Шкруднеў і генеральны дырэктар ДВА «Мінскбуд» Аляксандр Церахаў.

Абмяркоўвалі загрузку прадпрыемства, асваенне новых пляцовак, будаўніцтва арэнднага жылля, капітальны рамонт жылфонду сталіцы…

“МАПІД – прадпрыемства знакавае ў будаўнічай галіне горада. Сёння я хацеў бы абмеркаваць з вамі праблемныя пытанні і задачы, якія стаяць перад прадпрыемствам, а таксама шляхі іх вырашэння, – пачаў сустрэчу Уладзімір Кухараў. – Будаўніцтва – галіна, якая заўсёды патрабуе павышанай увагі, таму што яна вырашае многія сацыяльныя пытанні. Забеспячэнне грамадзян жыллём – гэта адна з асноўных задач дзяржавы. І ад таго, як працуюць будаўнічыя прадпрыемствы, як развіваецца галіна і як мы разам з вамі вырашаем пастаўленыя задачы, залежыць стан нашага грамадства”.

Мэр адзначыў, што за апошнія гады МАПІД шмат зрабіў па ўкараненні новых тэхнічных рашэнняў, мадэрнізацыі вытворчасці. Аднак на сёння магутнасці прадпрыемства недастаткова рацыянальна выкарыстоўваюцца. Разам з тым, запатрабаванасць у жыллі назіраецца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, і ў МАПІДа ёсць магчымасць будаваць больш. Уладзімір Кухараў пазначыў праблему дэфіцыту свабодных пляцовак у сталіцы і паведаміў, што ў бліжэйшы час горад пачне развіваць новы мікрараён Зялёны Бор, дзе мяркуецца пабудаваць звыш 4 млн кв.м жылля. Гэта перспектыўная пляцоўка для прадпрыемстваў панэльнага домабудавання.

Будаўніцтва жылля будзе працягвацца і ў гарадах-спадарожніках, у прыватнасці, у Смалявічах вядзецца праца па выдзяленні новых зямельных участкаў, на працягу некалькіх гадоў плануецца зайсці з будаўніцтвам жылля ў горад-спадарожнік Рудзенск.

Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што горад зацікаўлены ў эфектыўнай працы МАПІДа, і галоўная задача, якая ставіцца сёння перад калектывам, – гэта максімальная загрузка магутнасцяў прадпрыемства.

"Хацелася б, каб вы не спыняліся на дасягнутым, праяўлялі ініцыятыву, уносілі прапановы па развіцці новых праектаў, знаходзілі цікавыя дызайнерскія рашэнні. Час мяняецца, і мы павінны адпавядаць гэтаму часу, – сказаў Уладзімір Кухараў. – Мы бачым, што індывідуальная забудова і малапавярховае будаўніцтва карыстаюцца попытам. Тут таксама вялікае поле для дзейнасці падраздзяленняў МАПІДа"

"Галоўная задача каманды МАПІД, якая ўяўляе сабой прафесіяналаў вельмі высокага класа, – праца на перспектыву. Ваш вопыт, веды і ўменні павінны выяўляцца праз ініцыятыву. Аб'ектаў шмат, яны забяспечаны фінансаваннем, і праца ў калектыву ёсць", – рэзюмаваў старшыня Мінгарвыканкама.

Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Кухараў адказаў на пытанні мапідаўцаў.