Чаму мы верым ашуканцам і самі аддаём ім грошы? Калі непаўналетняму наркакур'еру «свеціць» да 10 гадоў? П'яныя за рулём і чаму парушэнні ПДР не бываюць дробязнымі?
Пра гэта і не толькі ішла размова на сустрэчы начальніка Ленінскага РУУС сталіцы Аляксандра Аляшкевіча з супрацоўнікамі апарата кіравання ДВА «Мінскбуд», ідэолагамі і кіраўнікамі аўтагаспадарак арганізацый аб'яднання. Спікер падрабязна распавёў аб найбольш распаўсюджаных відах злачынстваў – тэлефонным махлярстве, наркотыках, педафіліі, хатнім гвалце, здзяйсненні ДТЗ у стане алкагольнага ап'янення, прывёўшы прыклады з практыкі і прадэманстраваўшы тэматычныя відэаролікі.
"Алё, мама, дапамажы!»
Аб тэлефонным махлярстве гаворым і пішам шмат, тым не менш яно квітнее, а ашуканцы прыдумваюць усё новыя і новыя спосабы выманьвання ў людзей грошай. Кіраўнік міліцыі Ленінскага раёна Мінска назваў гэтыя злачынствы найбольш цынічнымі, таму што ашуканцы тэрарызуюць пажылых людзей, нашых бабуль і дзядуляў, якія прывыклі давяраць людзям, і калі іх просяць аб дапамозе або садзейнічанні, то абавязкова такую дапамогу аказваюць.
Так здарылася з 83-гадовай пажылой мінчанкай, у якой у сакавіку тэлефонныя ашуканцы выманілі пяць тысяч даляраў нібыта на выратаванне ўнучкі, якая патрапіла ў ДТЗ. На такія ж хітрыкі павяліся больш за 600 пенсіянераў, якія перадалі ашуканцам звыш 4 млн даляраў.
Па словах А.М. Аляшкевіча, тэлефануюць аферысты як правіла з 10.00 да 16.00, трымаюць на тэлефоне па 2-3 гадзіны, па грошы дасылаюць кур'ера. Аднаго такога 15-гадовага Аляксандра паказалі ў відэароліку. Ён вырашыў падзарабіць кур'ерам і прывёў у злачынную дзейнасць яшчэ шасцярых сваіх сяброў. У выніку –саўдзел у злачынстве і рэальны тэрмін да 10 гадоў (крымінальная адказнасць надыходзіць з 14 гадоў), а таксама пакрыццё іх бацькамі шкоды больш за 140 тыс. даляраў.
Па гарачых слядах мінскай міліцыі ўдалося затрымаць звыш 160 кур'ераў ва ўзросце ад 12 да 40 гадоў.
Як зберагчы пажылых людзей ад махляроў?
- Размясціць побач з тэлефонам памятку аб ашуканцах.
- Забраць на захоўванне буйныя сумы грошай.
- Запомніць кантрольнае пытанне, якое тычыцца персанальных звестак сваяка, які нібыта патрапіў у ДТЗ.
Наркаманія маладзее
Толькі летась мінскія праваахоўнікі перакрылі 19 каналаў, па якіх у Беларусь маглі трапіць звыш 60 кг наркотыкаў. Па словах А.М. Аляшкевіча, наркаманія сёння маладзее, натуральны наркотык выцясняецца больш танным сінтэтычным, які выклікае прывыканне ўжо пасля першай дозы, гандаль наркотыкамі перайшоў ў Інтэрнэт.
У 2022 годзе ў Мінску ад перадазіроўкі зафіксаваныя 52 смерці. Узрост наркакур'ераў таксама маладзее – цяпер на гэтым “бізнесе” спрабуюць зарабіць 12-14-гадовыя падлеткі. Летась у Мінску аператыўнікі вылічылі і затрымалі 287 кур'ераў, чатырнаццаць з іх былі маладзей за 18 гадоў.
Начальнік Ленінскага РУУС параіў больш размаўляць з дзецьмі, паказаць ім відэаролікі з дзіцячай калоніі, расказаць пра наступствы такога заробку і небяспекі «сесці на іголку». А яшчэ па магчымасці дзецям трэба даваць кішэнныя грошы, каб у іх не было спакусы зарабіць іх незаконным шляхам.
Дробязных парушэнняў ПДР не бывае
А кіраванне транспартным сродкам “под шофе " – злачынства ўдвая. Такі кіроўца не толькі рызыкуе сваім жыццём, але і можа пазбавіць яго іншых удзельнікаў дарожнага руху. Аляшкевіч прывёў нядаўні выпадак, які адбыўся ў нас у Ленінскім раёне. Трое маладых людзей – два хлопцы і дзяўчына – пасля адпачынку і ўжывання спіртнога (у кіроўцы 2,5 праміле) зладзілі дрыфт на вул.Маякоўскага, пашкодзілі некалькі машын і, уцякаючы ад ДАІ, урэзаліся ў бетонную агароджу. У выніку машына згарэла, добра што маладыя людзі паспелі выскачыць з транспартнага сродку і засталіся жывыя.
Па словах начальніка РУУС, найбольшая колькасць кіроўцаў затрымліваюцца на дарогах сталіцы з рэшткавым утрыманнем алкаголю ў крыві. Яны пазбаўляюцца правоў на тры гады і падвяргаюцца штрафу ў 100 базавых велічынь. Тым, у каго ўтрыманне алкаголю ад 0,8 і вышэй праміле, – пазбаўленне правоў на пяць гадоў і штраф 200 базавых велічынь. І вярнуць правы раней гэтага тэрміну па хадайніцтве не атрымаецца. Таму А. М. Аляшкевіч звярнуў увагу прысутных на ўзмацненне кантролю за кіроўцамі ў арганізацыях. І прывёў статыстыку: за мінулы год у сталіцы ў ДТЗ загінуў 21 чалавек. Асноўныя прычыны – ужыванне алкаголю кіроўцамі і пешаходамі, кіраванне транспартам без правоў, перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў.
У сувязі з апошнімі зменамі ПДР, якімі веласіпедыстам і самакатчыкам дазволена перасякаць пешаходныя пераходы не спешваючыся, павялічваюцца рызыкі іх траўміравання. Мінскбудаўцы задалі слушнае пытанне начальніку РУУС, ці не плануюць кампетэнтныя органы ўносіць адпаведныя прапановы па карэкціроўцы такіх зменаў. "Мы над гэтым пытаннем працуем", - быў адказ.
На сустрэчы абмяркоўваліся таксама тэмы педафіліі, хатняга гвалту і п'янства ў сям'і. Такія праблемы, па словах прадстаўніка міліцыі, не варта замоўчваць і не саромецца звяртацца па дапамогу, у першую чаргу да свайго ўчастковага.