Выбарчая кампанія набірае абароты

24.01.2024

Мы рыхтуемся да самай маштабнай электаральнай кампаніі ў гісторыі Беларусі – 25 лютага будзем выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў. І Адзіны дзень галасавання ўсё бліжэй. Больш за 4,4 тысячы нацыянальных назіральнікаў ужо зарэгістраваныя падчас падрыхтоўкі да Адзінага дня галасавання. І гэта не канчатковая іх колькасць. Таксама назіраць за выбарамі-2024 будуць каля 300 міжнародных назіральнікаў (58 ужо зарэгістраваныя), аналітычную прававую ацэнку выбарчай кампаніі дасць экспертная супольнасць.

Учора адбылося паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка нагадаў, што цяпер мы знаходзімся на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. Гэты працэс завершыцца 30 студзеня. З 31 студзеня па 24 лютага ўключна будзе праходзіць этап агітацыі.

Цяпер таксама фарміруюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, іх створана  ўжо 5411.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што падрыхтоўка да выбараў ідзе спакойна і планава, без якіх-небудзь эксцэсаў.

Выбар даступны кожнаму грамадзяніну нашай краіны. Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой, таксама змогуць прагаласаваць на Выбарах-2024. Гэта адносіцца ў першую чаргу да тых, хто стаіць на консульскім уліку ў дыпламатычных прадстаўніцтвах нашай краіны. У Мінску для іх будзе спецыяльна выдзелены адзін выбарчы ўчастак, дзе такія грамадзяне змогуць прагаласаваць, прыехаўшы ў Рэспубліку Беларусь.

На пасяджэнні ЦВК таксама быў зацверджаны графік размеркавання бясплатнага эфірнага часу для выступленняў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па тэлебачанні і радыё, разгледжаны пытанні, звязаныя з арганізацыяй выбараў членаў Савета Рэспублікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.