Гісторыя аб'яднання

Сучасная гісторыя будаўнічай галіны горада-героя Мінска пачыналася са стварэння ў 1944-1946 гадах невялікіх падрадных арганізацый і вытворчых баз-пляцовак. Тут працавалі тыя, хто яшчэ нядаўна абараняў Радзіму, быў паранены, меў баявыя ўзнагароды. Многія прыходзілі на будоўлю ў салдацкіх шынялях і гімнасцёрках. Не шкадуючы сіл, яны адраджалі горад, разбураны вайной, будавалі новыя вуліцы і кварталы.

Найважнейшыя даты і падзеі аб'яднання

У 1946 годзе створана Галоўнае ўпраўленне па аднаўленні Мінска пры Савеце Міністраў БССР («Галоўмінскбуд»). Яго начальнікам прызначаны І.М. Жыжаль, пасля міністр будаўніцтва Беларусі. З яго непасрэдным удзелам быў распрацаваны план аднаўлення сталіцы з улікам перспектыўнага развіцця ўсіх галін гарадской гаспадаркі на 15-20 гадоў. Меркавалася, што з агульным ростам насельніцтва павінна быць павялічана і жылая плошча горада да 4, 5 мільёна кв. метраў з умовай забеспячэння 9 кв. метраў жылля на жыхара. Гэтыя мэты былі дасягнуты.

Час пастаянна ставіў перад будаўнікамі новыя задачы. Справіцца з імі было складана, таму ўзнікла ідэя аб'яднання. Загадам Міністэрства прамысловага будаўніцтва Беларускай ССР № 149 ад 28 сакавіка 1969 года быў створаны вытворчы камбінат «Мінскбуд», у склад якога ўвайшлі будтрэсты № 1, 4, 7 і 15, трэст квартальнай забудовы, 1-ы і 2-і домабудаўнічыя камбінаты, а таксама прадпрыемствы па вытворчасці драўляных, металічных і жалезабетонных канструкцый, камплектавальныя, пагрузачна-разгрузачныя пляцоўкі, іншыя арганізацыі, якія мелі дачыненне да будаўніцтва.

Кіраўніком «Мінскбуда» і адначасова намеснікам міністра прамысловага будаўніцтва быў прызначаны І.М. Мазаляка. З 1974 па 1988 год камбінатам кіравалі Г. М. Сяроў, Ю.А. Пуплікаў, А. А. Боршч, А. М. Гламаздзін, С. В. Брыль, М. А. Пашкевіч.

У 1988 годзе камбінат быў ператвораны ў «Галоўмінскбуд» пры Мінскім гарвыканкаме, у 1992 годзе — у вытворчы канцэрн «Мінскбуд». Дзяржаўным вытворчым аб'яднаннем ён стаў у 2007 годзе.

Што ўяўляе сабой аб'яднанне сёння? Гэта – 6 будаўнічых і 3 спецыялізаваныя арганізацыі, 4 прамысловых прадпрыемстваў, лагістычны цэнтр, у якіх працуюць каля 16 тысяч спецыялістаў. Яны ажыццяўляюць комплексную забудову жылых мікрараёнаў і гарадскіх масіваў. Абсалютная большасць прамысловых прадпрыемстваў, аб'ектаў сацыяльна-бытавога і камунальнага прызначэння: заводы, жылыя дамы, дзіцячыя сады і школы, бальніцы і паліклінікі, станцыі метро, тэатры, Палацы культуры, стадыёны, аб'екты інжынернага забеспячэння — узведзены будаўнікамі аб'яднання.

Варта падкрэсліць, што кожнае падраздзяленне па-свойму ўнікальнае, а ўсе разам яны ствараюць будаўнічую арганізацыю, здольную рэалізаваць праект любога ўзроўню складанасці, прычым у сціснутыя тэрміны.

З апярэджаннем тэрмінаў будаўніцтва генпадраднымі арганізацыямі «Мінскбуда» ўзведзены шматлікія ўнікальныя аб'екты, якія сталі сталічнымі сімваламі і візітнай карткай Мінска. Гэта Палац Рэспублікі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Чыгуначны вакзал, гандлёва-грамадскі цэнтр «Сталіца», Цэнтр мастацкай гімнастыкі, будынак Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, новы хірургічны корпус МНПЦ «Хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі». Уклад «Мінскбуда» ў адраджэнне гістарычнага цэнтра горада — узвядзенне Мінскай гарадской ратушы, гасцініцы «Еўропа», духоўна-адукацыйнага цэнтра на плошчы Свабоды, дзіцячай філармоніі, галерэі ім. Міхаіла Савіцкага.

У год 65-годдзя Вялікай Перамогі каля стэлы «Мінск-горад-герой» акцыянернае таварыства «Будтрэст №1» пачало рэалізацыю ўнікальнага праекта будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны. 2 ліпеня 2014 года музей пераехаў у новы будынак, які складаецца з 4 блокаў па колькасці ваенных гадоў. Блокі аб'ядноўвае экспазіцыйная галерэя «Дарогі вайны». Галоўны фасад будынка музея выкананы ў выглядзе сімвалічных прамянёў салюту Перамогі. На кожным промні – скульптурныя рэльефы пра падзеі вайны.

Пабудавана Студэнцкая вёска, дзе жыве і творыць будучая эліта нашай краіны. З 1 студзеня 2021 года дзейнічае Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Плацдарм для ўнікумаў узвяло ААТ «Будтрэст № 4». У яго складзе чатыры аб'екты: інтэрнат на 300 месцаў, вучэбна-лабараторны корпус, прыбудова да вытворчага корпуса, а таксама выставачны павільён.

Арганізацыі аб'яднання «Мінскбуд» уносяць вялікі ўклад у выкананне гарадской жыллёвай праграмы. Будуюцца: Лошыца, Сухарава, Чыжоўка. Рэалізуюцца праекты: «Малая радзіма» і «Санкт-Пецярбургскі квартал».

Пабудаваны самы высокі ў краіне 37-павярховы жылы комплекс «Лазурыт» – 138,6 метраў вышынёй.

У калектыве назапашаны вялікі вопыт рэалізацыі праектаў з высокай якасцю і новымі архітэктурна-планіровачнымі рашэннямі, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі. Укараняюцца сучасныя тэхналагічныя комплексы і матэрыялы. Прыкметна змяніўся падыход да жыллёвага будаўніцтва, асабліва ў планіровачным і канструктыўным плане. Атрымалі развіццё малапавярховае і катэджнае будаўніцтва.

Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне «Мінскбуд» – гэта арганізацыйна-метадалагічны цэнтр, дзе распрацоўваюцца тактыка і стратэгія, вырашаюцца пытанні мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемстваў, канцэнтруюцца сілы і сродкі для прыняцця вывераных рашэнняў, рэалізуюцца самыя амбіцыйныя праекты. «Мінскбуд» – заканадаўца моды ў будаўніцтве, узнаўляльнік архітэктурных шэдэўраў мінулых гадоў, адзін з галоўных правадыроў будаўнічай палітыкі Рэспублікі Беларусь.